Вэрсія: 2.0
Апэрацыйныя сыстэмы: Windows 2000, Windows XP, Windows Server 2003, Windows Vista
Архітэктуры: x86, x64, IA64
Раскладка Belarusian Typo створаная на аснове звычайный беларускай раскладкі з дадаваньнем дадатковых сымбаляў для яе больш простага і зручнага выкарыстаньня.
У прыватнасьці, замест былой рыскі ўстаўлены правільны апостраф (рыску зараз можна атрымаць, калі разам з клявішай націснуць Shift), дададзеная падтрымка адэкватнага двукосься, працяжніка і іншых патрэбных сымбаляў. Падрабязьней глядзі ніжэй.
Усталяваньне
Для ўсталяваньня раскладкі ў сыстэму патрэбна запусьціць файл install_betypo.exe з каранёвай тэчкі архіва і закрыць акно пасьля заканчэньня ўсталяваньня.
Калі ў сыстэму ўжо ўсталяваныя раскладкі беларускай мовы, то будзе прапанавана выдаліць іх, бо раскладка Belarusian Typo пашырае магчымасьці стандартнай беларускай раскладкі, захоўваючы ўсе ейныя функцыі. Гэта робіцца, каб пазьбегнуць блытаніны падчас пераключэньня ня толькі паміж мовамі, але і паміж раскладкамі адной мовы, калі ў сыстэме будзе некалькі раскладак пэўнай мовы. Натуральна, ад выдаленьня існых раскладак можна адмовіцца, а таксама ў любы момант дадаць іх зноў у наладах раскладак клявіятуры.
Калі адна з раскладак беларускай мовы зьяўлялася раскладкай па змоўчаньні і быў выбраны варыянт выдаленьня існуючых раскладак беларускай мовы, то для завяршэньня ўсталяваньня спатрэбіцца перазагрузка кампутара.
Ахтунг! Калі папярэдняя вэрсія ракладкі Belarusian Typo ужо ўсталяваная ў сыстэму, перад усталяваньнем новай вэрсіі неабходна выдаліць папярэднюю. У адваротным выпадку новая вэрсія ня будзе ўсталяваная, а будзе паказаванае паведамленьне з памылкай, падобнае да «The keyboard DLL file supporting Belarusian Typo (named kbdbetyp.dll) already exists on this machine in the system directory. Installation cannot continue».
Для выдаленьня папярэдняй вэрсіі раскладкі яе трэба знайсьці ва «Ўсталяваньні і выдаленьні праграмаў» (Панэль кіраваньня → Усталяваньне і выдаленьне праграмаў) — Belarusian Typo — і выдаліць, пасьля чаго ўсталяваць новую вэрсію апісаным вышэй чынам. Пасьля ўсталяваньня новай вэрсіі раскладкі неабходна перазагрузіць кампутар, іначай будзе актыўная ўсё яшчэ папярэдняя вэрсія раскладкі, бо яна ўжо загружаная ў памяць.
Асаблівасьці выкарыстаньня
Пэўныя сымбалі, якія выкарыстоўваюцца ў раскладцы, знаходзяцца ў кадыроўцы Unicode. Нягдедзячы на тое, што на дварэ ўжо даўно 21 стагодзьдзе, у пэўных праграмах падтрымка Юнікоду дагэтуль не рэалізаваная. У такім выпадку варта пазьбягаць выкарыстаньня несумяшчальных сымбаляў у такіх праграмах.
Сьпіс сымбаляў, з выкарыстаньнем якіх могуць узьнікнуць складанасьці:
Выдаленьне
Каб выдаліць раскладку Belarusian Typo з сыстэмы цалкам, неабходна адкрыць «Усталяваньне і выдаленьне праграмаў» (Панэль кіраваньня → Усталяваньне і выдаленьне праграмаў), знайсьці ў сьпісе раскладку і выдаліць яе.
1. Немагчыма прачытаць файл
Сымптом. Падчас усталёўкі раскладкі зьўяляецца паведамленьне пра памылку кшталту «Error reading from file kbdbetyp_i386.msi. Verify that the file exists and that you can access it».
Вырашэньне. Праблема ў тым, што сыстэма ня можа атрымаць доступ да файлаў раскладкі. Для вырашэньня праблемы патрэбна дадаць сыстэмнага карыстальніка System у сьпіс карыстальнікаў, якія маюць доступ да распакаваных файлаў усталёўкі расладкі. Доступу для чытаньня дастаткова. Пасьля ўсталяваньня раскладкі, калі гэта істотна, карыстальніка System можна выдаліць назад.
Калі ты не сячэш, пра што ідзе размова, паспрабуй распакаваць архіў раскладкі куды-небудзь на дыск c:\ і паўтарыць зноў.
2. Немагчыма прачытаць файл—2
Сымптом. Тая самая памылка, што ў папярэднім пункце, але правы нібыта ёсьць.
Вырашэньне. Магчыма, дыск, куды распакаваны архіў, зьяўляецца сеткавым альбо віртуальным (напрыклад, створаным з выкарыстаньнем тулзы subst). У такім выпадку распакуй архіў з раскладкай на любы рэальны цьвёрды дыск і паўтары зноў.
Калі ты ўсё яшчэ не сячэш, пра што ідзе размова, паспрабуй распакаваць архіў раскладкі куды-небудзь на дыск c:\ і запускаць адтуль.
|
|
Аўтар выказвае падзяку ўсім, хто дапамог удасканаліць раскладку, і SkepSYS’у асабіста.